A R C H E П а ч а т а к № 3 (26) – 2003
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


32003
» да Зьместу «

 


Pax Americana
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


Беларусь сёньня

ЮРЫ ЧАВУСАЎ
(112Kb) Вокладка ARCHE 3-2003. Pax Americana. Малюнак Адама Глобуса.

   Мінулыя нумары:

   Туманнасьці
  беларускай гісторыі

   Расейскі нумар
   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Юры Чавусаў
 
 
Ідэалёгія альбо пісьменнасьць:
беларускае грамадзтва на раздарожжы


Тэксты, якія аглядаюцца ў артыкуле:

Слука А. Нацыянальная ідэя: сістэмны аналіз праблемы. Менск: Нацыянальны інстытут адукацыі; Мазыр: Белы вецер, 2001.

Даклад прэзыдэнта Беларусі А. Лукашэнкі на сэмінары кіраўнічых работнікаў рэспубліканскіх і мясцовых органаў дзяржаўнага кіраваньня 27 сакавіка ў г.Менску.

Крупник С., Мацкевич В. Функциональная грамотность в системе образования Беларуси. Минск: Академия последипломного образования, 2003.

Беларусь зазнала ў сваім разьвіцьці як пэрыяды ідэалягічнага плюралізму, так і часы манапольнага дамінаваньня адной ідэалёгіі. Гэтая праблематыка знаходзіцца ў цэнтры ўвагі грамадазнаўцаў. Гэта адна з асноўных праблемаў палітычнай навукі, дый зь дзяржаўных трыбунаў зноў гучаць ідэалягічныя заклінаньні. У гэтым кароткім аглядзе будуць прааналізаваныя матэрыялы, у якіх абмяркоўваюцца мэты і шляхі ідэйнага разьвіцьця беларускага грамадзтва.

1

Былы кіраўнік ідэалягічнага аддзелу Адміністрацыі прэзыдэнта Алег Слука прадэкляраваў задачай сваёй працы вызначэньне “сутнасьці асноўнага закону разьвіцьця беларускага народу” — нацыянальнай ідэі. Пры гэтым словы “нацыянальная ідэя” і “ідэалёгія” для аўтара зьяўляюцца сынонімамі, але першы тэрмін ён настойліва раіць пісаць выключна зь вялікай літары. Такая фармулёўка праблемы патрабуе працы, значна больш аб’ёмнай за 160 старонак Слуковай кнігі, — гэткая тэма пасавала б да праграмы навуковага інстытуту ці міждысцыплінарнага дасьледаваньня групы навукоўцаў. Зрэшты, так і было: з 1997 году на заданьне Адміністрацыі прэзыдэнта група палітолягаў, эканамістаў, сацыёлягаў, сфармаваная ў Інстытуце сацыяльна-палітычных дасьледаваньняў, распрацоўвала “Ідэалёгію беларускай дзяржаўнасьці: канцэпцыю, мадэль, праграму рэалізацыі”. Вынікам працы тае групы, у склад якой уваходзіў і А.Слука, зьявілася манаграфія “Мадэль устойлівага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі: ідэалёгія, сыстэма кіраваньня, мэханізм рэалізацыі ў саюзе з Расеяй”, хоць і невялікая аб’ёмам, але сыстэмная. Манаграфія ж Слукі ўяўляе сабой фрагмэнт памянёнага дасьледаваньня, адаптаваны для шырэйшага кола чытачоў. У ёй сканцэнтраваныя пастуляты, на якіх мусіць будавацца ідэалягічная праца. На першы погляд, гэтая кніга, напісаная ўзьнёслай мовай, не належыць да навуковых дасьледаваньняў: яна занадта агульная, няпэўная — нават спасылкі і цытаты аформленыя неахайна — і хутчэй асацыюецца з плыньню палітычна-філязофскай сэрвільнай рэфлексіі. Аўтар проста пяе панэгірык “Нацыянальнай Ідэі”, якая “ня мае множнага ліку”. А хто аказвае ёй, высакароднай, супраціў, выказваецца за плюралізм думак, тыя — небясьпечныя анархісты.

(нар. 1978 г. у Менску) — палітоляг, публіцыст. Сябра рэдакцыйнай рады часопісу “Палітычная сфера”. У ARCHE друкуецца ўпершыню.
   

Галоўны клопат аўтара — як сумясьціць высокі (так дэкляруецца і даводзіцца) узровень разьвіцьця беларускага грамадзтва з вартасьцямі традыцыяналісцкае, патэрналісцкае культуры. Пры гэтым аўтар непазьбежна трапляе ў пастку альтэрнатыўных мадэрнізатарскіх тэорыяў: ён атаесамляе Беларусь з краінай з так званай “здаганяючай мадэрнізацыяй”, неаднаразова падкрэсьліваючы пазытыўны досьвед Кітаю. Пачынаючы з 70-х гадоў у сьвеце зьявілася безьліч такіх тэорыяў, якія асэнсоўвалі намаганьні Расеі, Японіі, Турэччыны (у розныя часы) забясьпечыць дзяржаве высокі ўзровень тэхналёгіяў пры адначасова нізкім узроўні дэмакратыі. Карацей, аўтар вядзе Беларусь па асаблівым шляху ў будучыню — які, заўважым, непазьбежна будзе тупіковым, бо ня можа быць дзьвюх сучаснасьцяў у глябалізаваным сьвеце, і досьвед “халоднай вайны” ў гэтым пераконвае. Сам аўтар прызнае, што законы інфармацыйнага грамадзтва адзіныя на ўсёй плянэце, але для яго гэта не запярэчвае магчымасьці асаблівага “беларускага шляху разьвіцьця”.

Што да зьместу нацыянальнае ідэі, дык з гэтага выданьня вынікае, быццам яна для беларусаў складаецца ў асноўным з прагі да матэрыяльнага дабрабыту і непрыманьня заходніх вартасьцяў, заходняй мас-культуры. Цікава, як зьбіраюцца абараняць краіну ад монстраў мас-культуры — Мікі Маўса і Толкіна, Галівуду і НХЛ?

У наратыў А.Слукі (як і ў сьпічы афіцыёзных палітолягаў, што муляюць вочы лянотнаму гледачу БТ) умела ўплеценыя цытаты зь Янкі Купалы. Выданьне ўвогуле вытрыманае ў духу “паліткарэктнасьці па-беларуску”: гэтак, у падразьдзеле, прысьвечаным гістарычнаму разьвіцьцю беларускай дзяржаўнасьці, БНР ня згадваецца; Эўропа, якая, на думку аўтара, акупаваная войскамі NATO, адначасова сама вядзе нэакаляніяльную палітыку ў краінах “трэцяга сьвету”; Захад ня мае права ўмешвацца ў справы Чачэніі; вайна зь Югаславіяй — злачынства з боку міжнародных структураў. Аўтар ганьбіць Вярхоўны Савет XIIІ скліканьня, што зьбіраўся аб’явіць імпічмэнт усенароднаабранаму прэзыдэнту. Захад асацыюецца для аўтара з словамі “СНІД”, “наркаманія”, а жыцьцё плянэты азначанае процістаяньнем “заможная Поўнач — бедны Поўдзень”. Такім чынам, выданьне можна сьмела рэкамэндаваць у якасьці паўнавартаснага дапаможніка пры падрыхтоўцы палітінфармацыяў на вытворчасьці, лекцыяў па палітэканоміі рынкавага сацыялізму ў школах, а таксама як настольную кніжку палітрука.

Але нягледзячы на тое, што акрамя сп. Слукі ў гэтым жанры папрацавала яшчэ некалькі навукоўцаў-публіцыстаў (найшчырэй выказваецца сп. В.Мельнік: “Давайце дэмаскуем прэзыдэнцтва: нацыя набыла свайго лідэра і зь ім вырушвае ў далейшы гістарычны шлях” — менавіта так называецца разьдзел у ягонай кнізе “Беларусь: власть, политика, идеология”, Менск, 1998), ідэалягічная праца ў дзяржаве не расквітнела. Досьледы навукоўцаў-грамадазнаўцаў не сфармавалі ідэалягічнага канону. Распрацаваная навукоўцамі канцэпцыя кепска клалася на прапагандысцкую мову, была заскладанай для простага чытача і кепска працавала на практыцы. Да таго ж ёй не хапала таго галоўнага, чаго патрабаваў “замоўца”: гэтая схема была занадта акадэмічнай, адцягнутай ад рэчаіснасьці. Тут адбілася прыналежнасьць аўтараў да старой школы навуковага камунізму зь ягонай “навуковай ідэалёгіяй”. Менавіта ў выніку свайго навуковага, ці квазінавуковага характару яна не была дастаткова гнуткай, каб вагацца ў адпаведнасьці з палітычнай лініяй адміністрацыі.

 
   

На адрас стваральнікаў канцэпцыяў (у тым ліку і сп. Слукі) кідалі абвінавачаньні і ў адарванасьці ад сапраўднай палітычнай барацьбы. Створаны імі канструкт быў прыдатны для выкарыстоўваньня ўва ўмовах закрытага грамадзтва і кансалідаванага аўтарытарнага рэжыму, але не прыстасаваны для ўжываньня ў палітычнай барацьбе, не вытрымліваў канкурэнцыі з традыцыйнымі ідэалёгіямі, імпартаванымі з Захаду (гаворка ідзе не пра імпарт цэльных ідэалягічных канструктаў, а пра рэцэпцыю асобных элемэнтаў заходняга ладу жыцьця, які пашырае свой уплыў пакрысе, але няўхільна). Сапраўды, ну як можна ганьбіць “загніваючы Захад” ува ўмовах адносна празрыстых межаў?

Спроба выпрацоўваць нацыянальную ідэю сіламі навукоўцаў паказала толькі тое, што нацыянальную ідэю немагчыма стварыць у кабінэтах. Нацыянальную ідэю стварае натоўп на вуліцы альбо… харызматычны лідэр, які прамаўляе перад натоўпам, адчувае ягоную “энэргетыку” і плыве на хвалях калектыўнага несьвядомага. Тады ідэалёгія адпавядае бягучым палітычным мэтам уладаў і дакладна адлюстроўвае перакананьні ўладных элітаў. І таму ідэалягічнымі дактрынамі беларускай дзяржавы сталіся не дапаможнікі па правядзеньні палітінфармацыяў, а сэлектарныя нарады і прамовы кіраўніка дзяржавы перад рознымі аўдыторыямі. Менавіта ў цытатах з гэтых прамоваў (безьліч якіх раскідана па гумарыстычных Інтэрнэт-сайтах) зьмешчана сапраўднае ідэалягічнае крэда беларускага рэжыму. Какетлівыя выказваньні “дзяржаўных” палітолягаў (якія і цяпер працуюць над падручнікамі па ідэалёгіі), нібыта падмуркам беларускай ідэалёгіі ёсьць Канстытуцыя, выклікаюць усьмешку. Словы прэзыдэнта — вось адзіная аснова ідэалёгіі. Існаму рэжыму была патрэбная не навуковая ідэалёгія, а сродак для прамыўкі мазгоў народу. У ідэалёгіі яго цікавіць перш за ўсё прапагандысцкі складнік.


 
   

2

У мінулыя гады пытаньні ідэалёгіі таксама закраналіся ў прамовах першай асобы дзяржавы, але не былі акцэнтаваныя як асобная тэма. У 2003 годзе прэзыдэнт быў вымушаны заняцца ідэалёгіяй асабіста, прычым у вельмі складаных умовах. На розных кірунках скарачаецца база для легітымацыі: міжнародная сытуацыя, як заўжды, складаная, электаральная падтрымка марудна, але няўхільна скарачаецца, і нават раней надзейная “расейская карта” больш не выглядае джокерам у прэзыдэнцкай калодзе. Адкрытая пэрсаніфікацыя дзяржаўнае ўлады, аўтакратыя і курс на адасабленьне Беларусі ад міжнароднай супольнасьці — вось “сёньня” беларускай ідэалёгіі. Адным з найбольш яскравых прыкладаў (і адначасова своеасаблівым катэхізысам) сучаснай дзяржаўнай ідэалёгіі сталася прамова А. Лукашэнкі на сэмінары кіраўнічых работнікаў.

Гэты даклад складаецца зь дзьвюх частак — “матэрыяльнай” і “працэсуальнай”. Першая ўяўляе сабою характарыстыку зьместу беларускай дзяржаўнай ідэалёгіі, яе асноўных складнікаў. Другая прысьвечаная працэсуальнаму складніку гэтай ідэалёгіі, характарызуе сыстэму ідэалягічнай працы. І калі першая — даволі акадэмічная зьместам і формаю лекцыя, дык другая — узьнёслая прамова ў традыцыйным (і пасьпяховым) для Лукашэнкі стылі, напоўненая шматлікімі прыкладамі і адступленьнямі.

Каб зразумець, што ж зьмянілася ў ідэалягічнай рэчаіснасьці Беларусі, коратка адзначым асноўныя тэзы, якія зьмяшчае гэты даклад. Перш за ўсё кідаецца ў вочы тое, што манаполія на дзяржаўную ідэалёгію цяпер ужо зусім не прыхоўваецца. У якасьці прыкладу прымаецца савецкая мадэль ідэалягізаванага грамадзтва, гаворкі пра плюралізм думак у дзяржаўным апараце і быць ня можа. Даецца ўстаноўка, што манаполія дзяржаўнай ідэалёгіі — неабходны атрыбут любой дзяржавы ўва ўсе часы. І, маўляў, ідэалягізаванасьць заходніх грамадзтваў пераўзыходзіць нават савецкую практыку.

Хоць прэзыдэнт пераконвае, што гэткая ідэалёгія ствараецца не пад пэрсаналіі (“не пад мяне” — кажа ён), паводле ўласнага ж прызнаньня, яго перадвыбарная праграма 1994 году стала, “па сутнасьці, першым маніфэстам беларускай дзяржаўнай ідэалёгіі”, які, маўляў, заклаў будучыя асновы нашага грамадзтва.

Характарызуючы месца свайго ідэалягічнага канструкту ў схеме традыцыйных ідэалёгіяў, А.Лукашэнка дэманструе спакойнае стаўленьне да марксісцкай і кансэрватыўнай ідэалёгій. Пры гэтым марксізм успрымаецца як ідэалёгія сацыяльнай справядлівасьці і роўнасьці, калектывізму і патрыятызму. Блізкасьць беларусам кансэрватыўнай ідэалёгіі А.Лукашэнка тлумачыць “памяркоўнасьцю” і “талерантнасьцю”, якія ўспрымаюцца як аксіёма.

 
   

Больш складанае стаўленьне А. Лукашэнкі да лібэральнай ідэалёгіі — агрэсіўнай, паводле ягоных словаў, ідэалёгіі сацыяльнае няроўнасьці людзей, ідэалёгіі нажывы, бездухоўнасьці й індывідуалізму. Пэўныя яе элемэнты ўспрымаюцца, але адначасова выказваецца нелюбоў да лібэралізму “гаспадароў сьвету” — англа-амэрыканцаў і заходняй цывілізацыі ўвогуле, якія праводзяць “лібэральны тэрор”.

Для гэтага варыянту нацыянальнай ідэалёгіі характэрныя эклектычнасьць і запазычаньні зь іншых ідэалягічных сыстэмаў. Адначасова аўтар апэлюе да “глебы”, адзначае неабходнасьць грунтавацца на ўласнай культурнай традыцыі, на “сваім падмурку”, пад якім разумеецца перадусім “рускае” — гэта значыць усходнеславянскае, і на “традыцыйных для нашай цывілізацыі каштоўнасьцях”, перш за ўсё калектывізьме.

Пазначаны й мэханізм пашырэньня гэтай мадэлі сьветапогляду. Ён заключаецца ў сыстэмнай ідэалягічнай рабоце (рабоце, а не барацьбе!). Вялікая роля надаецца Беларускай праваслаўнай царкве, якая мусіць быць уключаная ў забесьпячэньне ідэалягічнай функцыі дзяржавы. У астатнім аўтар арыентуецца на савецкую ідэалягічную сыстэму, якую ён прапануе сумясьціць з свабодай слова, свабодай друку і вольнага абмену інфармацыяй. Як гэта можна зрабіць, на жаль, не ўдакладняецца.

У цяпершняй лукашэнкаўскай ідэалёгіі ёсьць шмат супольнага з ідэямі “новых правых”. Нельга сказаць, што цень Алена дэ Бэнуа залунаў над Беларусяй, але некаторыя моманты прэзыдэнцкай ідэалягічнай дактрыны нагадваюць папулісцкія тэзы Жан-Мары Лё Пэна. Подых нацыяналізму ў афіцыйнай ідэалягічнай дактрыне можа быць патлумачаны простым ахаладжэньнем адносінаў з Расеяй. Назіральнікі канстатуюць гэтую тэндэнцыю зь лета 2002 году, і нам падаецца, што яна зьяўляецца аб’ектыўна дэтэрмінаванай і доўгатэрміновай. Натуральна, шмат у чым тут грае ролю фактар асабістых зносінаў зь лідэрам усходняга суседа, але ўсё ж такі аўтарытарны рэжым заўжды мае цягу да аўтаркіі, як эканамічнай, так і палітычнай. Лёзунг “Купляйце беларускае!” набыў палітычную афарбоўку. Цяпер беларусам прапануюць замест “саюзнай дзяржавы” купляць іншы папулісцкі тавар — эклектычны нацыяналізм айчыннай вытворчасьці.

Навукоўцам даручана пашыраць і разгортваць агучаную з высокай трыбуны канцэпцыю. Цэлыя навуковыя калектывы ўжо распачалі пісаньне падручнікаў беларускай ідэалёгіі. Ходзяць чуткі, што ў хуткім часе ўва ўсіх вышэйшых навучальных установах курс “паліталёгія” будзе заменены на курс “беларуская ідэалёгія”.


 
   

3

Што ж могуць прапанаваць незалежныя інтэлектуалы ў якасьці альтэрнатывы навастворанаму ідэалягічнаму монстру? Гэтак званая апазыцыйная думка ня высунула цэльнага ідэалягічнага праекту. Яна займаецца пераважна аналізам афіцыйнай ідэалягічнай дактрыны. Таксама гэтая тэматыка ўзгадвалася ў публікацыях на старонках часопісаў “ARCHE”, “Адкрытае грамадства”, у “Аналітычным бюлетэні беларускіх фабрык думкі”. На жаль, як палітычны праект “апазыцыйная ідэалёгія” ня склалася.

На гэтым тле невялічкая кніжка Сьвятланы Крупнік і Ўладзімера Мацкевіча, выдадзеная мізэрным накладам, зьяўляецца маленькім, але элегантным траянскім конікам. Ня ставячы перад сабой амбіцыйных мэтаў, дасьледуючы пытаньні функцыянальнай пісьменнасьці (факталягічны матэрыял, няхай сабе і сабраны ў 1999 годзе, надзвычай багаты), аўтары будуюць схемы разьвіцьця беларускай адукацыі, зьвязваючы яго з пытаньнямі разьвіцьця грамадзтва.

Мацкевіч і Крупнік не прапануюць простага праекту альтэрнатыўнай ідэалёгіі — яны нават не дэкляруюць падобнай мэты. Аўтары толькі канстатуюць, што беларусам бракуе функцыянальнай пісьменнасьці. Іначай кажучы, беларускі грамадзянін можа напісаць ліст, але ня можа напісаць яго па-ангельску і адправіць яго электроннай поштаю. Такі аналіз лягічна падводзіць да высновы, што нармальнае разьвіцьцё нашае краіны немагчымае безь пераадоленьня функцыянальнай непісьменнасьці. Паскораная мадэрнізацыя прывяла да таго, што Беларусь ажыцьцявіла індустрыялізацыю, але яшчэ не перажыла веку асьветніцтва. Да 1991 году кожны беларус (як і кожны жыхар Савецкага Саюзу) мог лічыцца пісьменным у межах сярэдняга набору жыцьцёвых становішчаў. Тэрытарыяльная і міграцыйная абмежаванасьць, ізаляванасьць інфармацыйнай прасторы, нізкая прафэсійная дынаміка абумоўлівалі статычнасьць жыцьця. Беларусь проста не валодала дастатковым чалавечым патэнцыялам для ажыцьцяўленьня пераменаў. Пасьля 1991 году вольны рынак працы і элемэнты рынкавай эканомікі, кампутарызацыя і пашырэньне інфармацыйных плыняў, падарожжы за мяжу і зьвязаныя зь імі шокі ад уласнай бездапаможнасьці — усё гэта выклікала пачуцьцё фрустрацыі.

Закансэрваваныя ў савецкім хранастазісе, беларусы не навучыліся прыстасоўвацца да інавацыяў. Гэта не магло не закрануць і палітычнай сфэры, бо інавацыі тут былі найбольш радыкальнымі, яны папросту шакавалі. Нам цяжка даюцца перамены, таму на выбарах 1994 году мы і прагаласавалі супраць пераменаў. Але ў глябалізаваным сьвеце немагчымае існаваньне анкляву традыцыйнасьці ў асобна ўзятай краіне. Спробы пабудаваць новую жалезную заслону асуджаныя на фіяска. Таму мэтай для беларускага грамадзтва мусіць быць, разам з нарошчваньнем ВУП і дабрабыту, павышэньне пісьменнасьці насельніцтва на новым узроўні. Веданьне моваў і кампутараў, здольнасьць арыентавацца ў фінансах і праве, экалягічная сьвядомасьць і, зразумела, грамадзянская культура — вось тое, што можа вывесьці Беларусь з крызысу. Як цяпер непісьменнасьць чыноўніка, палітыка, выбарца суіснуюць у адзіным полі, так і фармаваньне пісьменнага грамадзяніна краіны створыць новую сытуацыю, у якой ня будзе месца патэрналісцкай дыктатуры.

 
   

Якім чынам сфармаваць новую функцыянальную пісьменнасьць? Аўтары не даюць адназначнага адказу. Гэты працэс такі ж складаны, як і працэс фармаваньня грамадзянскай супольнасьці. Сучасную грамадзянскую пісьменнасьць фармуюць і недзяржаўныя навучальныя ўстановы, і незалежныя СМІ, і адукацыйныя праграмы няўрадавых арганізацыяў. Да таго ж, у гэтай сфэры працуе эфэкт мультыплікатару: чым больш людзей робяцца функцыянальна пісьменнымі, тым лягчэй гэты працэс ідзе далей. Функцыянальная пісьменнасьць — гэта ня “рэч-у-сабе”, а “рэч-для”.

У сучаснай афіцыйнай ідэалягічнай дактрыне таксама адзначаецца, што адукацыя ёсьць прыярытэтным кірункам дзеяньняў дзяржавы, але гэта ня зьвязваецца з функцыянальнай пісьменнасьцю. Уладам не патрэбныя функцыянальна пісьменныя асобы — незалежныя, непадкантрольныя і таму патэнцыйна небясьпечныя. Дзяржава зацікаўленая ў адукацыі, але не ў пісьменнасьці. Нездарма ж мы маем Міністэрства адукацыі, але не Міністэрства асьветы.

Кніжка Крупнік і Мацкевіча — гэта яшчэ не падручнік ідэалёгіі, але ўжо дапаможнік для тых, хто зьбіраецца распрацоўваць альтэрнатыву лукашэнкаўскай ідэалёгіі. Аўтары зрабілі базу, безь якой ня можа пачацца распрацоўка палітычнай ідэалёгіі: яны вызначылі патрэбу. Пераможная выбарчая кампанія пачынаецца з вызначэньня патрэбаў выбарца. Калі патрэба вызначаная, можна прапанаваць выбарцу тое, што яму патрэбнае. Прапануем патрэбнае — ён за нас галасуе, мы перамагаем — гэтак функцыянуе палітычнае жыцьцё, калі разглядаць яго як рацыянальны працэс, як гандаль на палітычным полі. Гэтак і выбар ідэалёгіі заўжды ёсьць выбар між уяўным і рэальным, між ілюзорнымі і сапраўднымі патрэбамі.

Афіцыйныя навуковыя інстытуцыі будуць і далей пашыраць агучаную Лукашэнкам канцэпцыю, распрацоўваць на яе падставе цэлыя дасьледніцкія праграмы і праекты. Кніга “Белорусская модель развития: механизм реализации” (Е.Матусевіч, Н.Шаўцоў, Г.Пашкоўскі і інш., Менск, Інстытут сацыяльных і палітычных дасьледаваньняў, 2003, 168 с.), напрыклад, на аналізе працы ідэалягічнай вэртыкалі разьвівае цэлую канцэпцыю эфэктыўнай прэзыдэнцкай улады, пабудаванай вакол моцнага лідэра. Варта адзначыць практычную накіраванасьць выданьня — нарэшце тэарэтыкі ідэалёгіі беларускай дзяржавы павяртаюцца тварам да практыкі ідэалягічнай працы. Але кожнаму, хто параўноўвае падобныя выданьні з манаграфіяй Крупнік і Мацкевіча, становіцца зразумела, што праца афіцыёзных ідэолягаў непазьбежна нагадвае сярэднявечную схалястыку, кшталту дыскусіяў на тэму Раю і Пекла. Камусьці гэтыя дыскусіі пададуцца прадуктыўнымі, але практычная рэалізацыя выпрацаваных у іх ідэалягічных праектаў выклікае вялікі сумнеў.

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 3 (26) – 2003

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   Дызайн mk   Майстраваньне Маkса Плакса
Copyright © 1998-2003 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2003/06/28